29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леў Марголін: Сытыя часы для беларускай эканомікі сышлі назаўжды

6
Леў Марголін: Сытыя часы для беларускай эканомікі сышлі назаўжды

Мы нікуды не падзенемся ад рэформаў.

Чатыры сустрэчы правялі Лукашэнка і Пуцін за апошнія два з паловай месяцы. Але клубок двухбаковых прэтэнзій і не думае разблытвацца.

Вынікі зацяжнога перамоўнага марафону каментуе эканаміст Леў Марголін, піша «Магілёўскі Рэгіён».

- Серыя атак беларускага боку на Расею практычна скончылася нічым. Масква не моцна і пярэчыла супраць паставак нафты; пасля пачатку падатковага манеўру Расея проста ідзе сваім шляхам, кожны год адкусваючы ад беларускага пірага па кавалачку. Адзінае, што можна запісаць у актыў афіцыйнага Менска, - 200 мільёнаў крэдыту Еўразійскага банка развіцця.

- Яго абяцалі яшчэ год таму…

– Праўда, абяцалі. Але паступленне гэтай раты затрымлівалася, бо ніякіх умоў Менск не выконваў і выконваць не збіраецца. Мабыць, рата ЕФСР і стала той лыжкай мёду, закліканай падсаладзіць бочку дзёгцю.

Расея яшчэ раз паказала: дарма карміць нікога не хоча, не будзе і не ў стане.

- Расея ўвяла забарону на экспарт светлых і цёмных нафтапрадуктаў, а таксама звадкаванага вуглевадароднага газу (ЗВГ) у Беларусь з лістапада 2018 года да канца 2019 года. Як гэты крок адаб'ецца на беларускай эканоміцы?

- Думаю, Менск панясе досыць істотныя страты, няхай і не крытычныя. Зразумела, што пастаўкі нафтапрадуктаў Менск выкарыстоўваў для рээкспарту і выігрываў на коштах, мытных падатках і гэтак далей. Спроба рээкспартаваць тое, што нам не належыць, якая пачалася яшчэ некалькі гадоў таму з «растваральнікаў», не ўдалася.

Звярніце ўвагу: забарона ўведзеная толькі да канца 2019 года, думаю, гэта яшчэ адна салодкая пілюля: калі кошты нафтапрадуктаў застануцца не супастаўнымі з еўрапейскімі, хутчэй за ўсё, забарону падоўжаць; калі за гэты час кошты нафтапрадуктаў у Расеі ды Беларусі падрастуць, наблізяцца да еўрапейскіх, - тады, магчыма, і скасуюць забарону.

- Які лёс перамытнёўкі?

- Калі ўведзеная забарона на нафтапрадукты, значыць, пытанне аб рээкспарце адпадае. Такім чынам, і кампенсаваць няма чаго. Думаю, гэтае пытанне само па сабе паступова адамрэ.

Менавіта беларускі бок ставіў пытанне аб перамытнёўцы: давайце ўсё адно будзем рээкспартаваць нафтапрадукты, пэўную суму будзем вяртаць, падзелімся, але сказана выразна: не, ніякага рээкспарту. Самі рабіце. І скажыце яшчэ дзякуй, што загружаем беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, тым самым даючы магчымасць зарабляць на экспартным падатку.

Бо Расея штогод пастаўляе прыблізна 24 мільёны нафты - гэта нашмат больш, чым неабходна для ўнутранага спажывання Беларусі. Думаю, у асабістых размовах прагучала: будзеце ўпірацца, і тут кранік перакрыем. Усе разумеюць: беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на экспарт.

- Крэдыт на мільярд даляраў, які просіць Менск у Расеі, таксама завіс?

– Завіс, завіс.

- Давайце зазірнем трохі наперад: ці здолее афіцыйны Менск задаволіць эканамічныя патрабаванні альбо гэта непатрэбная праца?

- Сытыя часы ўжо сышлі. І нікуды мы не падзенемся ад рэфармавання эканомікі. Альбо так і будзем целяпацца з ростам ВУП 1,5-2% на год і сярэднім заробкам у межах 400 даляраў. Сітуацыя паказвае: як толькі заробак набліжаецца да 500 даляраў, тут жа падае беларускі рубель і сярэдні заробак у даляравым вылічэнні адкочваецца назад.

– Значыць, заробак 500 даляраў ужо стаў паказчыкам будучых эканамічных катаклізмаў?

– Безумоўна. Цяпер улады будуць казаць больш пра тысячу рублёў, гэта больш рэальна. Але як толькі зойдзе размова пра 500 даляраў - пачнецца адкат. Без рэфармавання эканомікі нават гэтая не вельмі ўражальная вяршыня для нас недаступная.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках