26 красавiка 2024, Пятніца, 10:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якую зброю выкарыстаў Леў Сапега супраць маскоўскіх баяраў

1
Якую зброю выкарыстаў Леў Сапега супраць маскоўскіх баяраў
ЛЕЎ САПЕГА

Канцлер ВКЛ быў спрактыкаваным дыпламатам і стратэгам.

Устанавіць мір на ўсходніх рубяжах Вялікага княства Літоўскага ўзброеным шляхам было няпростай задачай. Але літвіны здолелі адкідаць маскоўскія полчышчы ад сваіх межаў. Дастаткова ўспомніць разгром маскавітаў пад Воршай у пачатку 16 стагоддзя гетманам Астрожскім, пiша litvin.pl.

Але, нягледзячы на паразы і вялікія ахвяры, прэтэнзіі на ліцвінскія землі ў маскавітаў не памяншаліся. Цар Іван Жахлівы захапіў Полацк і абыходзіўся са свабодным насельніцтвам Полацкай зямлі, як са сваімі халопамі.

Канцлер Леў Сапега, які часта бываў у Маскве з пасольствамі ВКЛ, добра ведаў норавы баяраў. Ён умела здабываў уплывовых хаўруснікаў ля Маскоўскага трона. Магчыма, у гутарках з царскімі вяльможамі і нарадзіўся план, які стаў у руках спрактыкаванага ў таемных інтрыгах дыпламата Сапегі магутнай зброяй.

Спадзявацца на меч толькі ў крайнім выпадку, калі войска не стомленае паходамі і ёсць магчымасць весці вайну доўгую і суворую.

Такіх рэсурсаў у Вялікага Княства Літоўскага, якое ўсё 16-е стагоддзе змагалася з полчышчамі ворагаў на ўсходзе, было ўсё менш. Затое Маскоўскай экспансіі можна было супрацьпаставіць філасофію яднання ўсяго славянскага свету. Панславізм нарадзіўся не раптоўна. Яго пастулаты выпрацоўваліся стагоддзямі ў агні крыжовых паходаў і барацьбы з нашэсцямі мусульман на Еўропу. Яго ідэолагамі для ВКЛ сталі пасланцы папы Рымскага - адэпты ордэна Ігната Лаёлы.

У Льва Сапегі знайшліся ў асяроддзі езуітаў разумныя і дасведчаныя дарадчыкі. Расейскі гісторык Сяргей Салаўёў меркаваў, што Сапега стаў ініцыятарам плана ўзыходжання ўяўнага сына цара Івана ў Крамлі менавіта пры падтрымцы езуітаў. Аўтарам аперацыі «Лжэдзмітрый» Льва Сапегу ўважае таксама шэраг польскіх гісторыкаў.

ДЗМІТРЫЙ САМАЗВАНЕЦ У ЛІТВЕ

Ёсць таксама версія, згодна з якой Сапега запазычыў ідэю выкарыстання самазванцаў у ангельцаў. Брытанскім купцам патрэбная была цвёрдая ўлада ў Масковіі, каб забяспечваць свае карабельныя верфі пянькой, дзёгцем, парусінай, лесам, жалезам і іншымі таварамі, якія пастаўляла расейская поўнач. Свае думкі пра будучыню маскоўскай манархіі выказваў у 1591 годзе брытанскі пасланнік Д. Флетчар (праца «Аб дзяржаве расейскай»).

Сляпой прыладай езуіцкай палітыкі канцлер не стаў. Ідэалогія панславізму падалася вялікаму дзяржаўнаму дзеячу Літвы самай перспектыўнай у развязанні складанага геапалітычнага пытання, якім і была праблема аднаўлення міру на ўсходняй мяжы ВКЛ.

Аперацыя «Лжэдзмітрый» праводзілася Сапегам пад прыкрыццём манеўраў, якія мелі мэту даць ліцвінскай дыпламатыі шырокае поле для манеўру. Не трэба было адкрыта афішаваць прыналежнасць вышэйшых уладных асоб ВКЛ да ўзыходжання на прастол самазванцаў.

Усё павінны былі зрабіць агенты ўплыву, якіх да пачатку 17-га стагоддзя ў канцлера было ў Маскве дастаткова. Таму цалкам лагічным здаецца асуджэнне Львом Сапегам падчас сейма 1605 года падтрымкі паходу войскаў Лжэдзмітрыя I і ягоных польска-ліцвінскіх хаўруснікаў да Масквы.

Дальнабачны канцлер не быў упэўнены ў тым, што самазванцы змогуць доўга пратрымацца на троне Івана Жахлівага. Яны ўсяго толькі былі таранамі, якія расчышчалі дарогу галоўнаму кандыдату. Ролю прымірыцеля народаў Сапега адводзіў Уладзіславу IV.

Іх стасункі былі вельмі цеснымі. Менавіта Уладзіслаў стаў хросным бацькам Казіміра Лявона, малодшага сына канцлера. Сапега і Уладзіслаў разам апекаваліся ўніятамі. Зяць канцлера пінскі стараста Альбрэхт Радзівіл быў давераным сябрам Уладзіслава.

Як бы тое ні было, але самазванцы і іх эпапея ўскалыхнулі ўсё жыццё суседняга Маскоўскага царства. У краіны з'явіўся шанец на рэформы, на змены дэспатычнага самадзяржаўнай рэжыму. Праўленне каралевіча Уладзіслава магло стаць для дзікай і невуцкай краіны сапраўдным дабром, бо росквіт дзяржавы грунтаваўся б на законах, абавязковых да выканання ўсімі, а не на варварскім правам моцнага ў дачыненні да слабага.

Гісторыя распарадзілася так, што кансерватыўныя сілы Масковіі не далі адбыцца прагрэсіўным пераўтварэнням. Баярская хітрасць, уменне асобных груп мясцовых арыстакратаў пераследаваць асабістыя карыслівыя інтарэсы перамаглі здаровы сэнс і імкненне да прагрэсу.

Самазванцы не дапамаглі Сапегу ажыццявіць ідэю аб'яднання літвінаў і маскавітаў у адну моцную дзяржаву, але ідэі панславізму яшчэ доўга натхнялі польска-літоўскія сілы на барацьбу за хрысціянскі свет. Уладзіслаў у 1621 годзе невыпадкова змагаўся супраць асманаў ля сцен Хоцінскай цытадэлі. Перамога пад Хоціным выратавала Еўропу ад нашэсця мусульман і адкрыла шлях да канчатковай перамогі над туркамі.

УЛАДЗІСЛАЎ ЧАЦВЁРТЫ - ЗАКОННЫ ЦАР МАСКОВІІ

Новы крыжовы паход, пачатак якога быў азначаны аперацыяй «Лжэдзмітрый» у 1605 годзе, мог стаць паспяховым толькі пры ўдзеле ўсіх еўрапейскіх васпанаў. На параду і патрабаванні канцлера Льва Сапегі князь Альбрэхт Радзівіл, Стэфан Пац і каралевіч Уладзіслаў распачалі паездку па сталіцах самых галоўных дзяржаў Еўропы, каб дамовіцца аб супольных дзеяннях супраць асманаў і ў будучыні вызваленні Ерусаліма ад няслушных.

Ідэі Льва Сапегі не знайшлі водгуку ва ўплывовых палітычных колах Аўстрыі, Францыі, германскіх дзяржаў. Кааліцыя супраць турак не склалася ў 1630-х гадах. А ў 1633 годзе канцлер памёр. Спроба дамагчыся сапраўднага вечнага міру ва Усходняй Еўропе была пахаваная пасля адмовы караля Уладзіслаў IV ад маскоўскага трона.

У караля Рэчы Паспалітай ужо не было побач натхняльніка аб'яднання славянскага свету. Без падтрымкі канцлера, які пайшоў у нябыт, палякі і літвіны так і не змаглі ажыццявіць выдатна задуманы план у жыццё.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках