19 красавiка 2024, Пятніца, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БГК здзейсніў мару

БГК здзейсніў мару

У Берасце прыехала «Барселона».

– Мы даўно хацелі атрымаць у спаборнікі «Барселону», каб паказаць яе берасцейскім гледачам, – першыя словы спартовага дырэктара БГК Паўла Башкіна пасля лёсавання новага сезону гандбольнай Лігі чэмпіёнаў, піша tribuna.com.

БГК у галоўным еўрапейскім турніры выступае пяты год запар, але з каталонскай камандай пакуль не перасякаўся. Проста цяпер «Барселона» не найлепшая каманда свету, але брэнд наймагутнейшы. Бо гандбольная каманда – частка найвядомейшага футбольнага клуба (афіцыйная назва – Seccio d'Handbol del Futbol Club Barcelona). І эмблема, незалежна ад віду спорту, у камандаў «Барселоны» адна – яе ведаюць усе.

Дарэчы, прывезці «Барселону» ў Берасце вельмі хацеў і заснавальнік БГК Аляксандр Мяшкоў.

– Група ў нас цікавая. Не хапае толькі «Барселоны». Я вельмі хацеў, каб была «Барселона», але не пашанцавала, – казаў ён год таму.

У Берасце апошнім часам часта зазіраюць зоркі сусветнай велічыні – успомнім прыезд Дыега Марадоны. Але калі зрабіць сэлфі з аргентынцам простаму чалавеку было нерэальна, то гульцы «Барселоны» не адмаўлялі нікому. Дзясяткі дзяцей і дарослых пасля матчу прасілі гульцоў пра фота – такой цікавасці да гасцявой каманды не было заўважана ніколі. Усё ж гандбалісты – не футбалісты, але дзеткі ўсё адно былі шчаслівыя.

Матч БГК і «Барселоны» сабраў поўныя трыбуны – 3740 чалавек. Пры кошце квіткоў ад васьмі рублёў, дарэчы. Нямала – квіток на футбольную зборную ў Менску можна набыць у чатыры разы танней. Для берасцейцаў гэта першы sold out у новым сезоне. Дарэчы, сярэдняя наведвальнасць БГК паводле вынікаў трох стартавых матчаў Лігі чэмпіёнаў найлепшая за гісторыю – 3513 гледачоў.

Прыезд «Барселоны» стаў для Берасця падзеяй. Гулянні арганізавалі каля спарткомплексу «Вікторыя». Маскот-зубр танцаваў з заўзятарамі. На сцэне выступалі ды-джэй і кавер-бэнд «Мандарыны», які выканаў хіты тыпу «Халі-галі» і «Ау». Кожны ўладальнік «Шкоды» мог атрымаць падарунак (трэба было ўсяго толькі паказаць дакументы на аўто). Адпачываць можна было з півам – за паўлітра прасілі ўсяго 2 рублі.

Кінуліся ў вочы яшчэ дзве навінкі. «Беларусь 5» упершыню абсталяваў міні-студыю ля самай пляцоўкі. Ейным госцем стаў Сяргей Рутэнка – былая зорка «Барселоны».

Першы тайм цешыў гледачоў. БГК гуляў з грандам на роўных – каманды закончылі палову з лікам 14:15. У некаторыя моманты Берасце нават глядзелася лепш. Напрыклад, калі берасцейцы, саступаючы 6:8, забілі чатыры мячы запар. Эмоцыі невымоўныя!

У другой палове нешта пайшло не так. Пры памяркоўным рахунку 19:21 на карысць каталонцаў БГК прапусціў чатыры галы запар – і стала зразумела, што гаспадарам у гэты вечар нічога не свеціць. Выніковая розніца склала «-8» – прыемнага мала. Хіба што здзівілі заўзятары: масавага датэрміновага сыходу з трыбунаў не назіралася. А пасля гульні некаторыя падыходзілі да распранальні і падтрымлівалі каманду: «Нічога страшнага, мы ў вас усё роўна верым».

У мікст-зоне гульцы БГК губляліся, калі журналісты прасілі іх растлумачыць прычыны паразы.

– Шчыра кажучы, не ведаю, што здарылася, – кажа брамнік Іван Мацкевіч. – У другім тайме мы правялі правальны адрэзак, калі за пяць хвілінаў страцілі ўсе, што ўтрымлівалі ў першым. Напэўна, больш пытанняў да нападу. Але пакуль цяжка казаць канкрэтна. Мы правядзем працу над памылкамі і, спадзяюся, такіх эпізодаў больш не будзе.

Від Пацека выйшаў да журналістаў больш упэўненым. Казаў, што будучым спаборнікам варта баяцца БГК.

– У першым тайме мы дзейнічалі так, як дамовіліся ў распранальні. У абароне добра працавалі плюс закідвалі. А ў другой палове правялі дрэнны адрэзак, калі прапусцілі чатыры мячы запар. Магчыма, пасля гэтага спалохаліся спаборніка і зачапіцца не змаглі. Але ведайце: мы можам перамагчы любую каманду ў групе. Думаю, ужо з «Вардарам» мы закінем мінімум на адзін мяч больш за спаборніка, – сказаў Пацека.

Нагадаем, БГК у цяперашнім сезоне трапіў у групу смерці. Каб прайсці ў плэй-оф, трэба займаць прынамсі шостае месца з васьмі. Аднак канкурэнты аддаваць месца ў накаўт-раўндзе берасцейцам відавочна не плануюць.

– «Барселона» – 9-разовы пераможца Лігі чэмпіёнаў. Дзевяць сезонаў запар выходзіць у плэй-оф.

– «Вардар» два апошнія гады ўдзельнічае ў фінале чатырох. У сезоне-2016/17 узяў трафей.

– «Райн Левен» – двойчы чэмпіён Нямеччыны за апошнія тры гады.

– «Веспрэм» – гранд з Вугоршчыны, які БГК пакуль ні разу не перамагаў.

– «Манпелье» – дзейны пераможца Лігі чэмпіёнаў (які, праўда, пачаў сезон з чатырох паразаў запар).

Польскі «Вівэ» і шведскі «Крысціянстад» – спаборнікі не слабейшыя за БГК, у матчах з якімі берасцейцам давядзецца выгрызаць балы. Пакуль што берасцейцы ідуць шостымі, апярэджваючы «Манпелье» і шведаў.

Дарэчы, Іван Мацкевіч лёсаванне цяжкім не ўважае. Нават калі пра яго спыталі праз пару хвілінаў пасля паразы ад «Барселоны».

– Сапраўды, група цяжкая. Тут няма прахадных камандаў. Але рэч не ў лёсаванні: у другой васьмёрцы такая самая сітуацыя. Гэта эліта еўрапейскага гандболу, слабых спаборнікаў няма.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках