29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брытанскія навукоўцы: Ешце больш расліннай ежы, каб выратаваць свет

8
Брытанскія навукоўцы: Ешце больш расліннай ежы, каб выратаваць свет

Чалавецтву варта памяняць сваю дыету, каб не шкодзіць клімату, мяркуюць навукоўцы.

Калі свет збіраецца змагацца з змяненнем клімату, нястачай вады і забруджваннем навакольнага асяроддзя, то людзям неабходна перайсці на "флексітарыянскую" дыету, паведамляе BBC.

Яна складаецца пераважна з расліннай ежы і з'яўляецца ключавым элементам на шляху да экалагічна ўстойлівай будучыні 2050 года.

Пры гэтым неабходна ўдвая скараціць аб'ём харчовых адкідаў і прыкметна павысіць прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі, мяркуюць навукоўцы.

Новае даследаванне пра тое, як вытворчасць і спажыванне ежы ўплываюць на планету, выйшла ўслед за знакавым дакладам Міжурадавай групы экспертаў у змяненні клімату.

Харчовая індустрыя значна ўплывае на змяненне клімату: спусташае запасы прэснай вады і забруджвае навакольнае асяроддзе, перш за ўсё праз залішняе ўжыванне азоту і фосфару, адзначаюць аўтары.

І гэтае ўздзеянне ўзрастае: паводле разлікаў навукоўцаў, праз рост насельніцтва планеты і прыбыткаў паміж 2010 і 2050 гадамі гэты прырост можа скласці ад 50 да 90%. Гэтага будзе дастаткова, каб вычарпаць магчымасці Зямлі.

Аднак каб адвесці небяспеку, патрэбен сістэмны падыход, адной пастановы будзе недастаткова, сцвярджаюць навукоўцы.

Аўтары ацанілі патэнцыял так званай "флексітарыянскай дыеты" з пункту гледжання змяненняў клімату.

"Ёсць цэлы шэраг здаровых дыетаў, але агульнае ў іх будзе тое, што, згодна з апошнімі навуковымі звесткамі, у іх усіх пераважае раслінная ежа", – кажа асноўны аўтар – доктар Марка Спрынгман з Оксфардскага ўніверсітэта.

"Вы можаце пачаць з дыеты з невялікай колькасцю жывёльных прадуктаў, хтосьці называе яе міжземнаморскай, мы ж называем яе флексітарыянскай дыетай, а потым перайсці да пескетарыянскай, вегетарыянскай і веганскай, – мы паспрабавалі пакінуць самы кансерватыўны варыянт, але нават ён прадугледжвае толькі адну порцыю чырвонага мяса за тыдзень", – зазначае Спрынгман.

Калі б свет стаў прытрымлівацца гэтай дыеты, то выкіды парніковых газаў ад сельскай гаспадаркі зменшыліся б больш чым удвая.

Але разам з змяненнем дыеты трэба змяніць метады вядзення сельскай гаспадаркі – павысіць ураджайнасць існых ворных земляў, рацыянальна выкарыстоўваць водныя рэсурсы, абмежаваць выкарыстанне ўгнаенняў і ўкараніць іхнюю другасную перапрацоўку.

«Мы паглядзелі на паляпшэнне ўраджайнасці самых надзённых для здароўя сельскагаспадарчых культураў, як садавіна, гародніна і бабовыя, – кажа Спрынгман. – Раней было шмат інвестыцый ва ўстойлівыя зерневыя культуры, як кукуруза, але цяпер трэба рухацца ў бок тых культураў, якія нам больш патрэбныя. Мы таксама звярнулі ўвагу на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання вады, на маніторынг і ўтылізацыю ўгнаенняў – многія з іх сцякаюць у рэкі, ствараючы "мёртвыя зоны" ў акіянах».

Таксама, калі ўдвая скараціць колькасць нявыкарыстанага харчавання, то ўздзеянне сельскай гаспадаркі на навакольнае асяроддзе знізіцца на 16%, падлічылі даследчыкі.

"Харчовыя адкіды неабходна скарачаць на ўсіх звёнах харчовага ланцугу: ад захоўвання, транспартавання, упакоўкі і маркіроўкі – да зменаў у заканадаўстве і бізнэсе, якія прасоўваюць канцэпцыю паставак без адкідаў", – кажа Фабрычэ дэ Клерк, навуковы дырэктар кампаніі EAT, якая фінансавала даследаванні.

Галоўнае – каб гэтыя пастановы ўкараняліся комплексна.

"Пракарміць 10 мільярдаў чалавек магчыма – але толькі калі мы зменім стыль спажывання ежы і спосабы яе вытворчасці, – мяркуе Ёхан Рокстрэм, яшчэ адзін аўтар даследавання, нядаўна прызначаны дырэктарам Патсдамскага інстытута вывучэння кліматычных зменаў. – Усё разам дазволіць і планеце, і людзям застацца здаровымі".

Даследаванне апублікаванае ў часопісе Nature.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках