18 траўня 2024, Субота, 23:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывіст: Кіраўніцтва «АйПаўэр» само падагрэла экалагічныя пратэсты

1
Актывіст: Кіраўніцтва «АйПаўэр» само падагрэла экалагічныя пратэсты

Дзям'ян Лепясевіч правёў незалежнае расследаванне пра акумулятарныя заводы ў Беларусі.

Падчас круглага стала ў рэдакцыі «Брестской газеты» актывіст Дзям'ян Лепясевіч распавёў аб сваім расследаванні і ролі уладаў у «падагрэве» народных пратэстаў:

— Калі прасачыць увесь ланцужок, то ўсё проста. Спачатку распачалі будоўлю. Цішком. Ужо заінтрыгавалі. Паставілі шыльдачку — здзівілі людзей. Бо будавалі ў СЭЗ і іншыя заводы — нікога гэта не здзіўляла, ніхто не абураўся. І цяпер абурэнне не супраць будоўлі заводу. Ды будуйце яго! Але аднясіце ў іншае месца. Вось «Сарыя» каля Бярозы. Пабудавалі ў полі. Так, смярдзіць, але ніхто пытанняў не задае і задаваць не будзе, бо стаіць у полі і нікому не перашкаджае. Усё. І тут сапраўды таксама: ну перанясіце – і няма праблем.

Першая сустрэча 5 студзеня. Няхай на той момант была тысяча людзей, жыхароў найбліжэйшых вёсак, каго гэтае пытанне цікавіла і хвалявала. Мы задалі канкрэтныя пытанні — нам пачалі казаць нейкую лухту, фармалізм, і паабяцалі, што адказы будуць. І падагрэлі канкрэтна наш інтарэс. Калі б адразу сказалі: «Спадарства, сядаем у аўто, паехалі, на ўсе пытанні адкажам». Усе былі на самаходах, гатовыя. Але ніхто нічога не сказаў. <...>Мы ж папрасілі даць проста інфармацыю. Якую інфармацыю яны далі напраўду? Сабралі прэс-канферэнцыю і распавялі, колькі квадратных кіламетраў займае СЭЗ, што яна можа рабіць, што не можа, колькі інвестыцый туды будзе ўкладзена, як гэта будзе прыгожа арганізавана.

Безумоўна, гэта таксама трэба сказаць. Але мы ж задавалі канкрэтныя пытанні. Якія ўздзеянні на нас, на асяроддзе будуць, колькі выкідаў канкрэтна, як гэта ўсё будзе? Яны гэтую інфармацыю так і не далі. І яшчэ больш падагрэлі цікавасць.

Круглы стол, прысвечаны будаўніцтву акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» у СЭЗ «Брэст», адбыўся ў рэдакцыі «БГ» 26 студзеня. На сустрэчу, якая першапачаткова планавалася ў фармаце дыскусійнага клуба, былі запрошаныя прадстаўнікі ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу АКБ пад Берасцем, мясцовыя ўлады і прадстаўнікі завода. І калі намеснік старшыні Берасцейскага райвыканкама Мікалай Каршанкоў ад запрашэння адмовіўся адразу, то аб тым, што нікога з «АйПауэра» не будзе, стала вядома толькі ў дзень мерапрыемствы. Прадстаўнікі завода, спаслаўшыся на занятасць, на сустрэчу з актывістамі ў рэдакцыю «БГ» не прыйшлі.

Пасля прэс-канферэнцыі з 11 да 15 студзеня была сабраная асноўная маса з першых 5 тысяч подпісаў. Таму што людзі на ўсё гэта паглядзелі... Сядзіць лекар, сяджу я, інжынер, і сядзіць чалавек (гендырэктар ПАК Віктар Лемяшэўскі — заўв. аўт.), які кажа: «Што вы перажываеце, свінец не таполевы пух, дзе ён вылецеў, там і ўпаў». Ну, гэта ж проста манна нябесная, каб яшчэ больш людзей зацікавілася: штосьці, напэўна, хаваюць. Ён сам падагрэў цікавасць. І калі задавалі яшчэ некалькі пытанняў, таксама не атрымалі на іх канкрэтнага адказу.

А тое, што было 15 чысла, ну гэта проста ім «дзякуй», напэўна. Таму што пасля гэтага, за 10 дзён 15 тысяч подпісаў сабралі. Ну, хіба гэта нармальна: скажыце, першы клас небяспекі адкідаў, дзе вы захоўваеце? І сядзіць чалавек пры пасадзе, і сядзіць дырэктар, і тлумачаць, што акумулятары ёсць у кожнага ў аўто. <...> Логіка якая: усё, што ёсць у аўто, — гэта бяспечна. І гэта глядзяць тысячы людзей. Яны ж таксама разумеюць, што гэта наогул абсурд. Я задаў пытанне, яны не ведаюць. Ну, давайце вы раніцай пакажаце дакументы. Раніцай заходзім — няма. Вы гэта будзеце выкарыстоўваць супраць нас, мы не будзе вам нічога паказваць. Падпісвайце дамову аб невыдаванні наогул ніякай інфармацыі. Асабіста маё меркаванне: значыць, дзецюкам ёсць што хаваць. Таму яны сёння сюды не прыйшлі, хоць іх і запрашалі.

Удзельнікі круглага стала абмяркоўваюць праблемныя пытанні акумулятарнага заводу «АйПауэр». Ніхто з прадстаўнікоў завода на сустрэчу не прыйшоў

Наступны этап: пачалі ўсе шукаць, якая наогул ёсць інфармацыя пра завод у Пінску. Знайшлі на «Анлайнеры» рэпартаж журналіста там у 2013 годзе. Дык вось, завод, які толькі што адкрыўся, з еўрапейскімі тэхналогіямі — на яго ж страшна глядзець. Возяць нейкія бочкі, усё абсыпанае, у гразі, паветраводы, якія, дарэчы, ёсць, сістэмы аспірацыі, нейкія страшныя, нейкая цэгла там тырчыць. Што гэта наогул такое? Нам паказваюць робата, а «Анлайнер» у 2013 годзе паказвае такі вось толькі што адкрыты завод. І пры гэтым не пускаюць туды. Хіба гэта нармальна?

Аналізуем, якая яшчэ ёсць інфармацыя. Ужо паўгода пракуратура займаецца Зялёным Борам: вывазам і няправільным складаваннем адкідаў. (ІП з Бярозы складаваў у Івацэвіцкім раёне 7 тысяч тон свінцовага попелу, хоць паводле дакументаў ён адпраўляўся на перапрацоўку ў Расею — заўв. аўт.). На прэс-канферэнцыі задалі пытанне: што гэта такое? Лемяшэўскі выразна сказаў: гэта нейкі там бізнэсовец. Але вы ж сур'ёзныя людзі, як вы даручылі нейкаму бізнэсоўцу вывозіць незразумела куды адкіды і не кантралюеце, атрымліваецца? Вы ж крычыце, што вы настолькі адказныя, а тут і пракуратура займаецца, і эколагі займаюцца — усе займаюцца. І ўжо такі грамадскі рэзананс ідзе па вам! Ну, вы, адказны бізнэсовец, скажыце, спадарства, пачакайце, давайце гэтага пасадзім, я ўсё гэта вывезу, вазьму нейкія рызыкі на сябе. Дайце я хоць людзям пакажу, што я хоць штосьці ўжо раблю. Не. Аніяк. Наогул.

Яны самі падагрэлі цікавасць. Яны самі адказалі на пытанні так, што ўсім стала цікава: а як напраўду? Усе пачалі вывучаць гэтыя пытанні.

Што тычыцца таго, хто там што фінансуе або кіруе, то гэта проста ў інтэрнэце ідзе абмеркаванне, што наогул у гэтай сітуацыі можа зрабіць. Адзін кажа: я магу зрабіць сайт. Іншы кажа: а давайце налепку. Трэці: а давайце аформім гэтую налепку. Да дзвюх гадзін ночы сядзелі, проста ў інтэрнэце перапісваліся, і з’явілася гэтая налепка. І я ў гэтым таксама асабіста ўдзельнічаў, я не баюся гэтага сказаць. Гэта не проста: на табе грошы — зрабі налепку. Яна нарадзілася сама сабой. А потым проста хтосьці прапанаваў на працы надрукаваць, а іншы кажа у мяне крыху танней, а трэці з’явіўся: а ў мяне яшчэ крыху танней, давайце я трохі надрукую, раздамо людзям, паглядзім спадабаецца ці не. Вось як гэта ўсё нараджаецца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках