19 траўня 2024, Нядзеля, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Серыял «Лукашэнка супраць дармаедаў»: чым скончыцца другі сезон

33
Серыял «Лукашэнка супраць дармаедаў»: чым скончыцца другі сезон

Новы дэкрэт №1 таксама першапачаткова нядзейны.

Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка ўласнаручна «пахаваў» адну са сваіх улюбёны цацак - «збор з дармаедаў», піша «Салідарнасць».

Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» быў падпісаны ў красавіку 2015 года. Тады ж стартаваў першы сезон займальнага серыяла «Лукашэнка супраць дармаедаў». Гэта быў свайго кшталту рэмэйк старой савецкай гісторыі. Але ў СССР за «дармаедства» можна было нават трапіць у высылку, а ў сучаснай Беларусі ўдарыць па тых, хто жыве на «непрацоўныя даходы» надумалі рублём.

Крытыка дэкрэта была шалёнай, але хто на Карла Маркса, 38, слухае гэтых разумнікаў з «інтэрнэту»? Звычайна супраціў толькі падбадзёрвае Аляксандра Лукашэнку, які тады пачынае дамагацца свайго з патроенай энэргіяй.

Прапаганда ўключыла старую кружэлку пра «мудрае кіраўніцтва, што прыняло своечасовую і правільную пастанову». У снежні 2016 года кіраўніца прэзідэнцкай адміністрацыі Наталля Качанава падсумавала: па выніках маніторынгу рэалізацыі дэкрэта ён прызнаны «актуальным, аб'ектыўным і патрэбным».

Зрэшты, неабходнасць карэктавання на той момант была відавочная нават уладам. Таму ў студзені 2017 года дэкрэт падправілі.

Але гэта не выратавала становішча. Ужо ў лютым-сакавіку ў Беларусі пракаціліся беспрэцэдэнтныя паводле геаграфічнай распаўсюджанасці пратэсты, нагодай для якіх стаў згаданы дэкрэт.

Лукашэнку давялося даваць задні ход. 9 сакавіка на нарадзе аб актуальных пытаннях развіцця прэзідэнт перакінуў віну на нядбайных чыноўнікаў, якія спаганілі выдатны дакумент «агідным і безадказным» выкананнем.

У выніку выкананне дэкрэта №3 было прыпыненае. Так што, развязка першага сезона была незвычайнай для Беларусі: улады пацярпелі паразу.

Але Лукашэнка не быў бы Лукашэнкам, калі б не паспрабаваў узяць рэванш. 25 студзеня 2018 года падпісаны дэкрэт №1 для спрыяння занятасці. Кароткі змест: ад «дармаедаў» цяпер патрабуюць аплачваць субсідаваныя дзяржавай паслугі поўным коштам.

Так стартаваў другі сезон серыяла. І ён абяцае стаць яшчэ больш трэшавым.

Папярэдняя ідэя была даволі простай у плане рэалізацыі: скласці спісы «дармаедаў» і прымусіць іх заплаціць збор. Але план з двух пунктаў зазнаў крах ужо на першым.

Цяперашняя задума значна больш мудрагелістая: зноў жа скласці спісы «дармаедаў», вызначыць «эканамічна абгрунтаваныя тарыфы» на субсідаваныя дзяржавай паслугі, распрацаваць і запусціць механізм аплаты грамадзянамі, якія трапілі пад чарговы дэкрэт, розніцы паміж коштам для ўсіх і для непрацоўных. Уяўляеце сабе, у што гэта выльецца, калі нават папярэдні значна больш прымітыўны сцэнар прывёў да хаосу?

Нават дырэктар Інстытута эканомікі Нацыянальнай Акадэміі навук Валерый Бельскі, які з'яўляецца адным з распрацоўнікаў новага дэкрэта, прызнаў у гутарцы з FINANCE.TUT.BY, што «досыць складана забяспечыць персаніфікаванае спажыванне некаторых выгод і індывідуальную кампенсацыю іх кошту ў адпаведнай прапорцыі».

Пры гэтым, паводле ягоных слоў, засталося не так шмат сфер, якія можна выкарыстаць для выканання дэкрэта. Медыцынскае абслугоўванне ў Беларусі паводле Канстытуцыі бясплатнае. А ў сферы ЖКГ найбліжэйшым часам застанецца толькі два тыпы паслуг, якія будуць субсідавацца дзяржавай.

Увогуле, ужо цяпер відавочна:

1. Новы дэкрэт таксама першапачаткова нядзейны;

2. Тым не менш, улады прыкладуць тытанічныя намаганні, каб давесці адваротнае;

3. Пасля краху гэтых намаганняў пачнецца распрацоўка новых «плённых» ідэй, як прыціснуць «дармаедаў».

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках