18 траўня 2024, Субота, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Большасць сталічных гімназій перайшлі на графік «пад Міколку»

19
Большасць сталічных гімназій перайшлі на графік «пад Міколку»

29 сталічных гімназій з 50 будуць у новым навучальным годзе пачынаць заняткі а 9 ранку.

У канцы мінулага навучальнага года Міністэрства адукацыі паведаміла, што вызначаць, пачынаць заняткі з 8.00, 8.30 або 9.00, павінны на ўзроўні навучальных устаноў. Аднак некаторыя школы вызначыліся з раскладам толькі ў другой палове жніўня, піша tut.by.

Нагадаем, упершыню меркаванне пра тое, што заняткі з 8.30 трэба перанесці на 9.00, прагучала ўвосень мінулага года. Тады, выступаючы перад «дэпутатамі», дыктатар загадаў перагледзець гэтае пытанне. Крыху пазней у якасці прыкладу Лукашэнка падаў свайго сына, панаракаўшы, што ў сераду ў сына Міколы было сем урокаў, «дзіця прачынаецца а палове на сёмую...».

Правадыр даў загад міністру-камуністу Ігару Карпенку, каб першы ўрок пачынаўся а 9.00.

У канцы навучальнага года настаўнікі апыталі бацькоў, які час ім зручны, некаторыя бацькі пісалі зварот на імя адміністрацыі школ і гімназій з просьбай пакінуць ранейшы расклад - з 8.30.

У выніку кожная навучальная ўстанова самастойна пастанавіла, калі ім пачынаць першы ўрок. З 50 сталічных гімназій 29 цяпер будуць працаваць паводле новага графіку. Да прыкладу, у гімназіях №1, №3, №8, №16, №24, №50 першая змена пачынаецца з 9.00. Абедаць школьнікі будуць пасля другога ці трэцяга ўрока, перамены па 15 хвілін.

- Нулявы ўрок у дзяцей будзе пачынацца а 8.05. Гэта будзе або класная гадзіна, або факультатыў, ці платны гурток, - удакладнілі ў адной з менскіх гімназій.

У 21-й гімназіі дзеці на заняткі будуць прыходзіць а 8.30. Змены не закранулі, напрыклад, гімназій №2, №10, №23, №32, №42.

У адной з менскіх гімназій учора распавялі: дзецям абвясцілі пра тое, што ўрокі будуць з 8.30, але гэты час яшчэ ўзгадняецца з управай адукацыі.

- Мы спадзяемся, што нічога не зменіцца, - адказалі нам праз тэлефон.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках