19 траўня 2024, Нядзеля, 4:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Беларуская ўлада баіцца журналіста

«Нямецкая хваля»: Беларуская ўлада баіцца журналіста
УЛАДЗІМІР ЛАПЦЭВІЧ

Уладзімір Лапцэвіч першым у Беларусі атрымаў перамогу ў барацьбе за свабодны доступ да інфармацыі.

Журналіст з Магілёва Уладзімір Лапцэвіч - першы беларус, які звярнуўся ў Камітэт правоў чалавека ААН і перамог у справе супраць Беларусі, піша dw.com. Канфлікт журналіста з уладамі не спыняецца ўжо 20 гадоў. Сваімі цяжбамі Лапцэвіч паказвае, наколькі недасканалыя беларускія законы і правапрымяняльная практыка. А ўлады ў адказ знайшлі спосаб, як яго за гэта караць. Апошняе судовае разбіральніцтва вакол журналіста завяло ў нявыкрутку юрыстаў і праваабаронцаў.

Зварот са скаргай у камітэт ААН

У 1997 годзе ў Магілёве нельга было бесперашкодна раздаваць інфармацыйныя матэрыялы з крытыкай на адрас беларускіх уладаў, узгадвае журналіст Уладзімір Лапцэвіч. За гэта ён быў затрыманы міліцыяй і асуджаны. А атрыманы штраф стаў прычынай першай беларускай справы, разгледжанай у Камітэце правоў чалавека ААН (КПЧ ААН), - фактычна, адзінай міжнароднай інстанцыі, куды беларусы могуць звярнуцца, калі на нацыянальным узроўні дамагчыся справядлівасці не ўдаецца.

Уладзімір Лапцэвіч стаў першым грамадзянінам, які дзесяць гадоў таму выступіў супраць дзяржавы на міжнароднай трыбуне, праверыўшы перад гэтым на трываласць ўсю судовую сістэму краіны, і атрымаў перамогу.

Міжнародныя экспэрты прызналі, што правы Лапцэвіча былі парушаныя Рэспублікай Беларусь, але ўлады не палічылі патрэбным рэабілітаваць свайго грамадзяніна. На той момант Лапцэвіч працаваў на дзяржаўным абласным радыё, і ягоныя палітычныя погляды яшчэ не ўплывалі на стасункі з працадаўцам. Пераломным стаў 2001 год, калі ў Беларусі прайшла чарговая прэзідэнцкая кампанія, у якой зноў перамог Аляксандр Лукашэнка. Грамадзянская пазіцыя Лапцэвіча ўжо не дазваляла яму працаваць там, дзе хочацца, і ён вымушаны быў амаль дзесяць гадоў супрацоўнічаць са СМІ за межамі Беларусі.

Скандал вакол акрэдытацыі

У 2010 годзе журналіст усё ж вярнуўся на радзіму і стаў рэгіянальным карэспандэнтам інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Спачатку ўсё ішло гладка, ён абзавёўся кантактамі прэс-службаў дзяржустаноў, быў уваходны ў магілёўскі Дом Саветаў. Але ўжо праз пару гадоў мясцовыя ўлады сталі неафіцыйна выказваць незадаволенасць ягонымі матэрыяламі. Лапцэвіч стараўся быць аб'ектыўным, апісваючы тое, што адбываецца, і чыноўнікі не заўсёды выглядалі пры гэтым у найлепшым святле.

У 2014 годзе разгарэўся скандал - журналіста не пусцілі ў залу, дзе праходзіла пасяджэнне Магілёўскага абласнога савета. Чыноўнікі абгрунтавалі сваю пастанову адсутнасцю ў журналіста акрэдытацыі. Калі Лапцэвіч вывучыў беларускае заканадаўства, высветлілася, што на такое пасяджэнне ў якасці гледача можа наогул прыйсці кожны ахвочы.

Уладзімір Лапцэвіч апратэставаў у судзе дзеянні магілёўскіх чыноўнікаў, а таксама наважыў зрабіць запіс у кнізе скаргаў, якую, згодна з законам, павінны весці ўсе беларускія ўстановы. Але высветлілася, што ў Доме Саветаў яе няма. Гэта значыць, логіка такая - можна скардзіцца на каго хочаш, але не на чыноўнікаў. Гэта справа, як кажа магілёўскі юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Барыс Бухель, упершыню выявіла адсутнасць каардынацыі дзеянняў дзяржаўных службаў.

Помста чыноўнікаў

Магілёўскі каардынатар Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Вырвіч, які прысутнічаў на разглядзе справы, прызнаецца, што ніхто не чакаў ад суда спрыяльнага для журналіста выніку. Бо Лапцэвіч абвінаваціў старшыню аблсавета і ягонага галоўнага спецыяліста ў парушэнні сваіх правоў і закона Беларусі «Аб кіраванні і самакіраванні», дзе пазначана, што сесіі дэпутатаў павінны праходзіць адкрыта. І хоць старшыня аблсавета быў апраўданы, да здзіўлення прысутных, галоўны спецыяліст атрымаў штраф за нявыдачу кнігі скаргаў.

З гэтага моманту, мяркуе Вырвіч, помста Лапцэвічу была толькі справай часу. І справу супраць яго распачалі ў чэрвені гэтага года. Спецслужбы заўважылі ў падатковых дэкларацыях Лапцэвіча ганарары за допісы ў рэдакцыю польскага штотыднёвіка для беларускай дыяспары «Ніва». На падставе гэтых лістоў былі складзеныя адразу сем пратаколаў паводле артыкула 22.9 КоАП «Незаконны выраб прадукцыі СМІ», і Уладзімір Лапцэвіч павінен быў заплаціць штраф сумай 1 035 беларускіх рублёў (блізу 450 еўраў).

Кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец сцвярджае, што ўсе справы паводле артыкула 22.9 КоАП, а іх з пачатку года ўжо набралася больш за 40 - не заснаваныя ні на беларускім заканадаўстве, ні на міжнародных абавязаннях Беларусі. І справа Лапцэвіча паказальная, бо ён толькі апісваў сваё бачанне сітуацыі ў рэгіёне, але ніяк не мог вырабляць прадукцыю СМІ, у чым яго абвінавацілі. Больш за тое, звяртае ўвагу Бастунец, да пошукаў кампрамату была прыцягнутая падатковая інспекцыя, а гэта ўжо можа трактавацца, як парушэнне падатковай таямніцы.

Улада баіцца ўлады

Зрэшты, штраф, які яму прысудзілі Лапцэвічу, не прымусіў журналіста замаўчаць. На сёння адзначае Барыс Бухель, Магілёў перажывае чарговы скандал, у цэнтры якога зноў апынуўся журналіст. Усё пачалося з нязначнай бытавой гісторыі, але пасля вылілася, са слоў праваабаронцы, у глабальную праблему заканадаўства. У красавіку 2017 года ў адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва адбыўся сход аднаго з гаражных кааператываў, на які ягоныя сябры запрасілі Уладзіміра Лапцэвіча для асвятлення мерапрыемства. Аднак прадстаўнік раённай улады Канстанцін Кісцянёў адмовіўся пусціць карэспандэнта ў залю. Той напісаў скаргу на чыноўніка ў Ленінскі РАУС за перашкода журналісцкай дзейнасці.

Тут, кажа Бухель, і назіраецца феномен: міліцыя ўжо чатыры разы адмаўлялася распачынаць справу супраць чыноўніка, а суд пяты раз прымушае яе зрабіць гэта. Пракуратура, прадаўжае праваабаронца, і зусім прапанавала закрыць справу за заканчэннем тэрміну, але і з ёй суд не пагадзіўся. Чым скончыцца справа, незразумела, але зразумела, што Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (ПВК КоАП) розныя дзяржорганы трактуюць па-свойму.

Гэты закон, які дзейнічае з 2007 года, тлумачыць праваабаронца, недасканалы і можа трактавацца і так і гэтак. Калі гаворка ішла аб пакаранні апазіцыянераў і простых грамадзян, сілавікі заплюшчвалі вочы на шурпатасці. Але цяпер, калі ўлада павінна пакараць сябе, сістэма дае збой. Міліцэйскае РАУС падпарадкоўваецца раённай адміністрацыі, а журналіст Лапцэвіч патрабуе прыцягнуць да адказнасці яе чыноўніка. Суд патрабуе выканаць закон, а міліцыя не адважваецца пакараць начальніка.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках