21 траўня 2024, aўторак, 8:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Павышэнне пенсійнага ўзросту будзе мець палітычныя наступствы

7
Экспэрт: Павышэнне пенсійнага ўзросту будзе мець палітычныя наступствы
Фота: bymedia

Рэжым баіцца народных пратэстаў у выпадку далейшага павелічэння пенсійнага ўзросту, але хоча крэдыт ад МВФ.

11 красавіка 2016 года Лукашэнка ўжо падпісаў указ аб павышэнні пенсіённага ўзросту. «Пачынаючы з 1 студзеня 2017 г. агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост... павышаецца штогод з 1 студзеня на 6 месяцаў да дасягнення ўзросту мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi - 58 гадоў», - сказана ў тэксце Указа прэзідэнта №137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння».

МВФ адзначае, што цяпер пенсійная сістэма практычна цалкам збалансаваная дзякуючы прынятым за апошнія гады мерам. Гаворка ідзе, сярод іншага, і аб павелічэнні мінімальнага працоўнага стажу для прызначэння пенсіі старасці з 5 да 20 гадоў. А павелічэнне пенсійнага ўзросту дазволіць змякчыць негатыўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі і падтрымліваць баланс пенсійнай сістэмы да канца 2022 года.

Але ўжо з 2023 года бюджэт пенсійнай сістэмы штогод будзе зніжацца прыкладна на 0,15% УБП. Для прадухілення негатыўных тэндэнцый экспэрты МВФ прапануюць правесці да 2023 дадатковыя рэформы.

Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін у інтэрв'ю БДГ падкрэсліў, што не лічыць павелічэнне пенсійнага ўзросту да 65 гадоў непазбежнасцю.

- Няма нічога непазбежнага. У 2016 годзе зноў устала неабходнасць датаваць Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) з дзяржаўнага бюджэту, прычым са старых прычынаў: у фондзе утварыўся дэфіцыт у выніку таго, што людзей, якія выходзяць на пенсію, досыць шмат, а плацельшчыкаў, моладзі, параўнальна мала. Было цалкам зразумела, што і папярэдняе павышэнне пенсіённага ўзросту праблему не вырашыць. Патрэбна рэформа ўсёй пенсійнай сістэмы. Аднак кіраўніцтва краіны адклала развязанне праблемы на год, і яна паўстала зноў.

- Ці пойдуць беларускія ўлады на павышэнне пенсіённага ўзросту?

- Наўрад ці ўлады пойдуць на павышэнне пенсіённага ўзросту найбліжэйшыя некалькі гадоў, таму што папярэдняе павышэнне адбылося сёлета - людзі проста не зразумеюць. Думаю, кіраўніцтва краіны пабаіцца палітычных наступстваў.

- МВФ раіць правесці дадатковыя рэформы да 2023, каб пазбегнуць прагназаванага дэфіцыту бюджэту пенсійнай сістэмы. Якія крокі можа зрабіць беларускае кіраўніцтва ў гэтым кірунку?

- Ці магчымыя два варыянты: павышэнне пенсіённага ўзросту і змяненне пенсійнай сістэмы, падзел яе на абавязковую і назапашвальную частку. Зрабіць пенсійную сістэму змяшанай: невялікая частка пенсій будзе ў абавязковым парадку выплачвацца дзяржавай, уся астатняя частка - назапашвальная. Праблема заключаецца ў тым, што ўлады вельмі позна схапіліся за правядзенне пенсійнай рэформы: яе трэба было праводзіць на пачатку 2000 гадоў, калі пенсійная рэформа была зразумелая і рацыянальная. Цяпер мы маем проста бум выхаду людзей на пенсію, а грошай, як ні круці, больш не становіцца.

Адзіны варыянт - выплачваць пенсіі за кошт бюджэту ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве. Усё роўна, абавязковую або назапашвальную частку - людзі павінны атрымліваць нейкую пенсію.

Вялікі рэзерв утойваюць у сабе сілавікі, якія выходзяць на пенсію ў 45-47 гадоў: былыя вайскоўцы, работнікі пракуратуры, Следчага камітэта - усе катэгорыі, якіх у народзе называюць сілавікамі. Калі ім павысіць пенсійны ўзрост гадоў на 10, то праблему з недахопам сродкаў на выплату працоўных пенсій можна часткова развязаць.

- Для такой пастановы таксама патрэбна палітычная воля.

- Мне здаецца, што сілавікі - адзін з рэзерваў, да якіх пры неабходнасці можна звярнуцца. Па-першае, усіх супрацоўнікаў сілавых устаноў трэба падзяліць як мінімум на аператыўнікаў і штабных супрацоўнікаў, грамадзянскіх, і падзяліць іх выхад на пенсію. Калі для аператыўнікаў, якія рызыкуюць жыццём, магчыма, і апраўданы выхад на пенсію ў 40-45 гадоў, то для людзей, якія займаюцца выдачай даведак, бухгалтарскай працай, зусім не апраўданы выхад на пенсію ў тыя ж 45 гадоў.

Рэзерв ёсць. Але трэба пераглядаць усю сацыяльную палітыку - тое, чаго баіцца рабіць улада ў прынцыпе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках