Генпракуратура «не выявіла» парушэнняў у словах Лукашэнкі аб габрэях
39- 15.05.2015, 10:53
- 40,395
У Генпракуратуры Беларусі не бачаць парушэнняў у патрабаванні дыктатара «ўзяць усіх габрэяў пад кантроль».
Праваабаронца Таццяна Равяка накіравала электронны зварот у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай правесці пракурорскую праверку даручэння Лукашэнкі «ўзяць ўсіх габрэяў пад кантроль».
Адказ з Генпракуратуры праваабаронца апублікавала ў «Фэйсбуку».
«У Генеральнай пракуратуры ваш зварот разгледжаны.
Згодна з палажэннямі арт. 125 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і іншых нарматыўных актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў, мясцовымі прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, грамадскімі аб'яднаннямі, рэлігійнымі і іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі, а таксама індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ускладаецца на Генеральнага пракурора і падначаленых яму пракурораў.
У сілу арт. 14 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» у органах пракуратуры ў адпаведнасці з іх паўнамоцтвамі разглядаюцца звароты грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і арганізацый, якія змяшчаюць звесткі аб парушэнні заканадаўства.
Зыходзячы са зместу вашага звароту, звестак аб парушэнні заканадаўства ў ім не змяшчаецца, прыведзеныя Вамі довады носяць дыскусійны характар.
Пры такіх абставінах падставаў для развязання яго па сутнасці не маецца. Прынятую пастанову вы маеце права абскардзіць вышэйстаячаму пракурору», - гаворыцца ў адказе з Генпракуратуры.
Аналагічныя адказы атрымалі і іншыя актывісты, што адправілі запыт у Генпракуратуру паводле выказванняў дыктатара.
Нагадаем, 29 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланнем да народа і «парламенту», Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіра, заявіў: «Я вас прасіў год назад, каб узяць ўсіх габрэяў пад кантроль у Беларусі».
Праваабаронцы мяркуюць, што гэтае выказванне можа падпадаць пад артыкул 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі «Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці ці розні».