18 снежня 2018, aўторак, 19:13
Дзякую вам
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Прафзвяз не зарабляе грошы, нам каяцца няма ў чым

3
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

Лідар незалежнага прафзвязу РЭП распавёў, што хавалася ў 11 тамах крымінальнай справы.

Лідары прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік азнаёміліся з матэрыяламі «справы прафзвязаў». Фігуранты справы не прызналі віну цалкам і падалі хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы.

Генадзя Фядыніча больш не звязвае таямніца следства. Уражаннямі аб «справе прафзвязаў», ягоных судовых перспектывах і магчымых сцэнарах развіцця падзей ён падзяліўся з сайтам praca-by.info.

«Хто і навошта трымаў «Справу прафзвязаў» пад сукном з 2011 года?»

– Калі следства скончылася, я скарыстаўся сваім правам і падаў хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы. Я цалкам не прызнаю выстаўленых мне абвінавачванняў і мяркую, што «Справа прафзвязаў» носіць выключна палітычны характар. Інакш хто і навошта трымаў яе пад сукном з 2011 года? Чаму справа раптам усплыла ў жніўні 2017?

«Праз нашу працу наважылі прыціснуць прафзвяз. Зачыстка непажаданых прадоўжыцца»

– Я мяркую, што за мінулыя гады прафзвяз, дзякуючы сістэмнай рабоце, набыў вядомасць у грамадстве як арганізацыя бескампрамісная, настойлівая, якая бароніць правы чальцоў прафзвязу і дае бясплатныя кансультацыі сотням, тысячам людзей, у тым ліку і не чальцам прафзвязу. І самае галоўнае: РЭП – арганізацыя, здольная аб'яднаць людзей для абароны сваіх законных інтарэсаў і правоў. Я перакананы: менавіта праз нашу працу наважылі прыціснуць прафзвяз, не даючы яму паўнавартасна працаваць. З улікам таго, што праз два гады ў Беларусі пройдуць «прэзідэнцкія выбары». Таму і пачалася зачыстка непажаданых, якая, відавочна, будзе мець прадаўжэнне.

Прафзвяз – гэта грамадская арганізацыя, яна не зарабляе грошы, нам каяцца няма ў чым. Але мы: і я, і Ігар Комлік – уважаем сябе абсалютна невінаватымі.

«Леў Талстой адпачывае»

– Якое ўражанне пакінула ў вас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы?

– Справа вельмі «маленькая»: усяго 11 тамоў, па 600 старонак у кожным. Леў Талстой адпачывае. Знаёмства з матэрыяламі справы далося нялёгка: нам забаранілі фатаграфаваць матэрыялы справы. Усе нашы хадайніцтвы адхіліў кіраўнік следчай групы капітан Захараў з прычыны немэтазгоднасці).

«Каму належыць фэйкавая паштовая скрыня і хто яе стварыў, у справе няма інфармацыі»

– У матэрыялах справы гаворыцца аб нейкай электроннай скрыні, з якой адпраўляліся ананімныя лісты нашым калегам з-за мяжы: швэдскага прафзвязу IF Metall і дацкага прафзвязу 3F. Таксама ў гэтай скрыні былі электронныя копіі дакументаў нібыта з літоўскага банка. Хто і навошта ствараў гэтую фэйкавую паштовую скрыню, у справе інфармацыі няма. Затое там ёсць пастанова, што скрыню трэба выявіць, бо яна нібыта належыць Ігару Комліку. Потым выявілася, што Ігар Комлік не мае да скрыні ніякага дачынення; але следства так і не знайшло ўладальніка.

– Следчы камітэт сцвярджае, што прафзвяз РЭП падманваў сваіх замежных калегаў, падрабляў справаздачнасць. Ці ёсць у прафзвязаў IF Metall і 3F прэтэнзіі да прафзвязу РЭП?

– Нават з улікам лістоў ананіма, на падставе якіх яны правялі ўласнае ўнутранае расследаванне, у нашых калег прэтэнзій як не было, так і няма.

– Да сёння, пачынаючы з першага ананімнага ліста, нідзе публічна не гучала інфармацыя пра гэтую скрыню. Лісты з яе ішлі толькі ў адрас замежных калегаў; гэта значыць, пры вывучэнні ў следчых мэтах паштовых скрынь прафзвяза РЭП выявіць гэтую ананімную скрыню было немагчыма. Якім чынам, на вашу думку, следства выйшла на ананімную скрыню?

– Справа ідзе з 2011 года. Скрыня створаная ў 2016 годзе. Я думаю, яна была створаная спецслужбамі КДБ спецыяльна; каб легалізаваць хлуслівую інфармацыю з лістоў, зрабіць яе следчым матэрыялам. Усё, што цяпер сцвярджае следства – што мы падманвалі замежных калегаў, давалі ім падробленыя дакументы, – гэта ўсё на аснове ананімных лістоў з ананімнай паштовай скрыні.

«Не глядзіце на дакументы; кіруйцеся паказаннямі некаторых сведак»

– Як вы ацэньваеце судовыя перспектывы «справы прафзвязаў»?

– Калі б справа разглядалася ў рамках закона, то нават пракурор адправіў бы яе назад, не кажучы ўжо аб судзе. Ніякай доваднай базы, якая абапіраецца на сапраўдныя дакументы, у справе не існуе. Следства як быццам загадзя дае наводку пракурору: «Не глядзіце на дакументы, кіруйцеся нашымі высновамі, у тым ліку паказаннямі некаторых сведак, з якіх мы выбілі патрэбныя нам паказанні. Усё гэта дапаможа вам прыняць «правільную пастанову».

«Следства дапытала больш за 800 чальцоў прафзвязу – ніводнага пратаколу ў справе няма»

– Частка матэрыялаў следства вызначаная ў асобную справу. Што гэта за матэрыялы, навошта гэта зроблена?

– Так, у «Справе прафзвязаў» я не бачыў масу матэрыялаў. Напрыклад, следства дапытала больш за 800 чальцоў нашага прафзвязу – ніводнага пратаколу ў справе няма, яны вызначаныя ў асобную справу. Якія яшчэ дакументы вызначаныя ў асобную вытворчасць, мне не вядома. Магчыма, за першай крымінальнай справай хочуць адкрыць новую крымінальную справу. Спадзяюцца трымаць прафзвяз РЭП на кароткім павадку? Не атрымаецца: прафзвяз будзе працаваць у інтарэсах працоўных.

«Усё шытае белымі ніткамі»

– Аднак варта адзначыць галоўны аспект «справы прафзвязаў». Крымінальную справу распачаў Дэпартамэнт фінансавых расследаванняў Менску і Менскай вобласці на ўказанне КДБ. Крымінальная справа значыцца пад №1, такім чынам, цягам студзеня–жніўня 2017 года ДФР не ініцыяваў распачынанне крымінальных спраў наогул. Паводле прадстаўленых матэрыялаў ДФР, як правіла, распачынае крымінальную справу Следчы камітэт, аднак апошні не адважыўся на такі эксперымент. Відавочна, усё шытае белымі ніткамі.